*
калі пытаюцца колькі ведаю моваў
пачуваюся досыць няёмка
колькі б не ведала
здаецца галоўных яшчэ не адолела
адшукаць бы падручнік
па павучынай мове
мове стракоз
камянёў і чорных гагараў
па мове ровараў
і трыснягу
па мове святла і ценяў
мове сочыва размазанага па талерцы
і мове пылу
вось тады я б загаварыла
і можа нават штось пераклала б
з лавандавай на чмяліную
або з вазёрнай на цагляную
*
там дзе сёння выпадзе снег
не будзе мяне
там дзе маўчанне ёсць спробай прызнання
намераў чужых не разабраць
і можна доўга глядзець на адбітак у шкле
уяўляючы кароткую стрыжку
заместа сваіх даўгіх валасоў
але так і не ўзяцца нажніцаў
так я і еду туды дзе нараджаецца снег
кожны дзень
хаваючы недасканаласць быцця
гэты снег — гуманіст
ён нікому нічога не абяцаў
ён проста быў
нараджаўся і паміраў
ён мог зацярушыць дзе заўгодна
ў арменіі ці кактэбелі
наваліцца ўсім цяжарам прымусовасці
і гэтак жа хутка раставаць
перадаўшы золкасць як эстафету
каб пасля здзіўляцца чаму маю такія халодныя рукі і
пяткі
і спрабаваць адхукаць пальцы
у бессэнсоўнасці такога занятку
я і мой снег будзем бавіць гадзіны ў ложку
так і не здолеўшы прызнацца
адно аднаму
ў сваёй адзіноце
*
як неразношаны абутак
мне цісьне сэрца
і калі не ў памеры справа
тады ў чым
віно гарбата піва
часам кава
такая сынанімія дачканімія бяздзетнасць і дзеці
па-за шлюбам не мае
я н е м а г у к а з а ц ь (як зручна што «х» і «з» так
блізка на клавіятуры)
і так не блізка мы
і шыбеніцы будаўнічых кранаў
на іх штодня я адзіноту
вешаю сваю
(ты са сваёй спраўляйся залпам)
ў бязлюдным парку
буду гвалціць сум
падчас абедзенага перапынку
і
нават згубленая завушніца
не давядзе
што
злодзей гэта я
*
цяперашні час даецца мне цяжка
мінулы ведаю лепш
там і жыву
вось бы як у кіно
згубіць памяць
і тых хто там прапісаўся
не маючы майго на тое дазволу
тады кожную згадку буду спакойна здымаць
як волас з пляча паліто
не здолеўшы прыгадаць ужо
чыйны
*
бярлог твайго цела адшукаць давялося запозна
быў час прачынацца і ісці прэч з таго лесу
сумны агонь уядаўся мне пад лапаткі
адхінаў спадзяванні і
рушыў глыбей у вантробы
так пазбаўляў цеплыні каб магла я запомніць
без полымя трэску мушу праз холад замерзнуць
я кідала вогнішчу хруст сваіх костак і
косткі
хутка згаралі пакідаючы пыл і попел
чужынцы вуголлем на мне малявалі розныя гукі
казалі ёсць іншыя якіх ты і не чула
скрыгат па скуры праступаў і белыя плямы
па мне разляталіся матылямі
неразуменне лісцем буяла на дрэвах
няўтульнасць пускала карэнні і скоўвала рухі
ад сценаў пустых адскоквала рэха і дзіды
у языку застрагалі мне адмаўляючы ў словах
так сталася што свабода у гэтых шыротах не выжывае
як у шмат якіх іншых гукі чужыя ёй шкодзяць
табе ж заміналі фіранкі і крумкачы ў парку
ці гэта ты прыдумляў сваім страхам такія імёны
даўжыні маіх валасоў усё адно не хапіла
ахаваць
прыцьміць бярлог твой ад сонца
быў час прачынацца і вяртаць цябе твайму лесу
мне ж заставацца рыкам у мове мядзведжай
*
прымусовае шчасце раздавалі ўчора
на нейкай там штрасэ
да мяне падышлі і сказалі
у вас такія няправільныя вочы вазьміце сабе кавалак
я прынесла яго дадому паставіла ў шафу
інструкцыю не прачытала
а аказалася
з ім трэба было жыць