у пошуках новай зямлі

у пошуках новай зямлі

Паэтка, перакладчыца. Нарадзілася ў 1982 годзе на Брагіншчыне. Аўтарка трох паэтычных кніг: «Кніга памылак» (2014), «Цырк» (2016) і «ROT» (2020). Яе вершы былі перакладзеныя на ангельскую, украінскую, грузінскую, чэшскую, рускую, літоўскую і інш. мовы, а таксама былі апублікаваныя асобнымі перакладнымі кнігамі ў Польшчы і Германіі. У перакладзе з ангельскай выйшаў яе дзённік паўсядзённага жыцця ў пратэсным Мінску. У Швецыі ён з’явіўся пад назвай «Дні ў Беларусі» («Dagar i Belarus»), а ў Нямеччыне — «Мінск. Дзённік» («Minsk. Tagebuch»). Жыла ў Мінску. У канцы 2020 года з палітычных прычын разам з мужам Альгердам Бахарэвічам з’ехала з Беларусі. Цяпер жыве ў Грацы (Аўстрыя).

Забралі

у чорную шчыліну
бетоннага плота
спрабую разгледзець
насаты профіль
мучыцеля

гэта Дзяржынскі
        вас там дзяржыць
у Бараўлянскім аддзеле міліцыі?
бязрукі Дзяржынскі
завостраным носам
падпісвае вам пратаколы
і адпраўляе з рукамі за спінай
у кайданках ці сцяжках
(з-за плоту не бачна)

у аўтазак
белы і правільны
як халадзільнік?

ЗАБРАЛІ

і вось мы стаім
мы чакаем

па гэты бок плота

мы сочым як дзеці
у шчыліну
за катам каменным
за развалістаю паходкай
кіроўцы
за бліскучымі шлемамі
касманаўтаў
у святле аранжавай лямпачкі

міліцэйская лямпачка
таксама проста выконвае загад
лямпачка таксама не можа аслухацца
каманды вкл./выкл.
лямпачка прыняла прысягу
на вернасць народу
Рэспублікі Беларусь
і будзе свяціць або не свяціць
як загадае ёй галоўнакамандуючы

лысаваты начальнік
у цемры падобны да чалавека
махае белым сцяжком
з імёнамі нашых родных

отойдите подальше от забора
вы замедляете оформление
вы мешаете работать
их сегодня никто не выпустит
все поедут на Жодино

за плотам
ухвальна шчэрыцца
бюст
носам складаючы
пратаколы

днём я пабачыла
ў шчыліну
гэта не Фелікс Дзяржынскі
гэта таварыш Фрунзэ

адзін хер

лістапад 2020

Не кіно

Маленькай
я нават думаць баялася
пра фізічныя катаванні,
ужо не кажучы пра тое,
каб іх бачыць.

Закасаны па локаць
      рукаў гімнасцёркі,
бізун,
      нагайка, дручок ці палка
                      ў руках.
Белыя
      напятыя
            мускулы
                  прагнулі ўдару,
шалам ашчэраныя
          чорныя пашчы
                    аўчарак
шукалі спажывы.

І калі на экране
рука ўздымалася над бедаком,
          прыкутым да крэсла,
калі люты сабака рваўся наперад,
          раскрыўшы зубатую ляпу,
калі адпускалі курок аўтамата,
          нацэленага на бяззбройныя постаці
                              ў снезе
і з тэлевізара неслася
          няўмольнае тра-та-та-та,

я з крыкам выскоквала
                за дзверы,
заплюшчвала вочы,
закрывала далонямі вушы,
і, упаўшы на ложак, спрабавала
адплакацца і аддыхацца

ад страшных непабачаных
карцін.

Часам мне хлусілі
са шкадавання:
гэта ж толькі ў кіно.

Але я адчувала падман —
так шмат
      было гэтых фільмаў,
так шмат
      было гэтых кніг.

Ідзі і глядзі.
Сядай і чытай.
Каб ніколі зноў.

І вось я зноў
сяджу і гляджу,

не разумеючы,
чаму адзін чалавек
наўмысна чыніць боль
іншаму.

Я чую, брэх
          раз’ятраных аўчарак
я бачу ўзнятыя рукі карнікаў.
Я выскокваю за дзверы
                краіны.
Але гэта кіно ні пераключыць,
ні выключыць.

Наперадзе бясконцыя снягі
і чорная паласа
          далягляду.

люты 2021

Аўтапартрэт
у выглядзе костачкі авакада

чым большая костачка
тым хутчэй
яна прарасце —

я чытала парады
перш чым уткнуць
тры зубачысткі
у цвярдыню яе сцягна

перш чым заглыбіць
шчыльны каўчэг
зярняці
у шклянку з вадой

з раніцы раптам
лупіна
лопнула
разламалася
мясістая костачка

быццам сталі
насупраць адзін аднаго
два сусветы

іх можна было б назваць
тут і там
захад і ўсход
чужое і роднае
урэшце
яны і мы

можна было б

калі б не корань
што пачынае расці
між
дзвюх палавінак

калі б не сцябліны
маленькая галава
прыўзнятая над вадою

глядзі
як выпаўзае
хтосьці з каўчэгу
у пошуках новай зямлі

гэта я

май 2020

Дивіться також
Ірина Шувалова
Олесь Барлiг